14656288_1112563275464592_1942268624071180985_n

«Напішу зараз пафасную і відавочную фразу: колькі будзе існаваць свет, столькі будзе існаваць праблема бацькоў і дзяцей. І заўсёды да яе будзе звяртацца мастацтва, таму што гэта бяспройгрышна. Кожны творца па-рознаму падыходзіць да раскрыцця тэмы. Нехта ў n-ы раз перасэнсоўвае класічныя творы, шукае кропкі судакранання з сучаснасцю, і ў рэдкім выпадку гэта не пераўтвараецца ў дыдактыку. А ёсць сучаснікі, якія назіраюць за наваколлем, выхопліваюць адтуль рэальныя сюжэты і ствараюць твор, які прымушае ачуняць і пачаць нешта мяняць у сваім жыцці.

Дзеянне п’есы драматурга Андрэя Іванова “Гэта ўсё яна” можа адбывацца дзе заўгодна. Узнятая тэма ўніверсальна, таму лёгка прыжылася на сцэнах тэатраў Расіі, Украіны, Чэхіі, Латвіі, Уругвая. У Беларусі гэта ўжо другое яе ўвасабленне – спачатку яна з’явiлася ў 2014 годзе на сцэне віцебскага Нацыянальнага драмтэатра імя Якуба Коласа,  у кастрычніку 2016 года “Гэта ўсё яна” прапісалася ў афішы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Свой погляд на сямейную драму прапанавала рэжысёр Моніка Дабраўлянска.

Так жа як артысты на сцэне выконваюць дзве ролі – рэальную (маць і сын) і віртуальную (іх інтэрнэт-вобразы) – гледачы таксама выступаюць у двух вобразах – сябры сына і сяброўкі маці. Мы чарзе выслухоўваем дзеючых асоб і ў ідэале ў канцы павінны прапанаваць дзейсны рэцэпт вяртання згубленага ўзаемаразумення. Але выпрацаваць яго трэба ўжо не для герояў, а для саміх сябе, бо нельга быць упэўненым, што гісторыя не можа здарыцца ва ўласнай сям’і.

Маці і сын і бездань паміж імі. Раней мастом быў бацька, які пайшоў з жыцця. Ён лёгка, з усмешкай вырашаў праблемы, уладкоўваў канфлікты, упэненна заспакойваў маці, якая адчувала, што пачынае губляць сына. Да смерці ніколі нельга быць падрыхтаваным, вось і гэта сям’я зусім яе не чакала. Яны нанова спрабуюць усталяваць стасункі, але ўсе іх намаганні марныя, бо навучыць некаму.

Кожны з іх імкнецца даказаць, што менавіта ён ці яна любілі і цанілі бацьку больш, учыняюць істэрыкі, правакуючы тым самым адзін аднаго на новы скандал. І ніхто з іх не робіць першы крок, не намагаецца паглядзець на праблему вачыма іншага. Замест гэтага яны збягаюць у віртуальнасць, дзе нечакана знаходзяць адзін ў адным тое, што страцілі ў выглядзе бацькі. Сын Косця – паразуменне і сяброўскую падтрымку Тофі, а маці – пяшчоту, каханне і клопат Таўэрскага крумкача.

Усё што трэба зрабіць, каб перанесці гэтыя адносіны ў рэальнасць, адчыніць дзверы і ступіць насустрач. Але, выключаючы камп’ютары, героі зноў вяртаюцца да бязлітаснай варожасці. Сыну яшчэ можна гэта неяк дараваць, бо ён наўпрост не ведаў, што пад маскай таемнай дзяўчыны Тофі хаваецца яго маці, якая можа быць іншай. У той жа час, маці зайгралася і своечасова не спыніла абман, які на ее думку быў на карысць. Яна ніяк не выкарыстоўвае тую каштоўную інфармацыю, якой з ёй падзяліўся сын. Усё было ў яе руках, яна магла павярнуць гісторыю ў іншы бок. Але атрымалася так, як атрымалася…

***

Арыгінальны тэкст п’есы ўтрымлімвае дастатковую колькасць нецэнзурных слоў. Для тэатра ён быў крыху пераапрацаваны, шмат чаго было заменена больш літаратурнымі эквівалентамі, што згладзіла вастрыню і надало спектаклю некую мяккасць. Але цалкам мат не прыбралі і пакінулі там, дзе ён сапраўды неабходны. Напрыклад, каб паказаць нязграбную спробу маці быць на адной хвалі ў перапісцы з сынам-падлеткам.

У афармленні сцэны няма выпадковых дэталяў, так бы мовіць для прыгажосці, кожны прысутны элемент пачынае працаваць у свой пэўны час. Дэкарацыі ў выкананні мастака Андрэя Жыгура нагадваюць фігуркі з канструктара, перамяшчаючы якія героі мяняюць інтэр’ер.

Відэапраекцыі Ігара Вяпшкоўскага рассоўваюць сцэнічную прастору і вось мы ўжо ідзем разам з маці па вуліцы і шукаем падвал, дзе яе сын разам з сябрам арганізавалі схованку, ці сядзім на яе працы, ці хаваемся разам з Косцем за кутом школы, каб выпаліць цыгарэту.

“Жывая” музыка ў выкананні кампазітара спектакля Канстанціна Гарачага стварае ілюзію імправізацыі, быццам яна нараджаецца ў гэтую секунду ў залежнасці ад эмоцый герояў.

Я не ведаю ўсёй унутранай кухні РТБД, на мой старонні погляд, тэатр дае магчымасць раскрыцца ўсім артыстам трупы, амаль у кожнага з іх ёсць свой спектакль-візітоўка.

Дзмітрый Давідовіч у тэатры не сумуе, у яго творчай скарбонцы дзіцячыя і дарослыя пастаноўкі, камедыя і драма. Акцёр ён вельмі пластычны і не абмежаваны ўнутранымі комплексамі (так, прынамсі, здаецца з боку), таму пры дакладна пастаўленай рэжысёрам задачы можа сыграць каго заўгодна. Я лічу, што роль Косці (Таўэрскага крумкача) –  гэта новая і запамінальная прыступка ў яго кар’еры. Тое, як акцёр перадаў рэзкія перапады эмацыйнага стану персанажа-падлетка, вызывалі ўва мне палярныя эмоцыі ад жалю да яго да страху перад ім.

Не менш яркую палітру эмоцый вызвала гераіня, якую стварыла Людміла Сідаркевіч. З стомленай, істэрычнай жанчыны яна пераўтаварался ў энергічную, авантурную дзяўчынку з багатай фантазіяй, якая запальвае свет ў змрочнай душы свайго інтэрнэт-сябра. Скажу шчыра, цалкам быць на баку гераіні Людмілы Сідаркевіч у мяне не атрымалася. Магчыма таму, што гэту гісторыю я пакуль успрымаю з пункту гледжання не бацькі, а дзіцяці.

***

Як няцяжка здагадацца, у гэтай гісторыі не можа быць шчаслівага фіналу. Таму што хэпі энд не прымусіць дзейнічаць, а толькі заспакоіць, дасць надзею, што ўсё абыйдзецца. Не абыйдзецца, трэба вучыцца размаўляць, разумець, дамаўляцца ў рэальнасці, а не ў віртуальнай прасторы пад выдуманым імем.»

 

Darya Petrovich.

Блог аўтаркi